28 лістапада 2009 году у Менску адбыўся устаноўчы сход Руху “Маладая Беларусь”.
Правядзеньне рэспубліканскага ўстаноўчага сходу “МБ” плянавалася з 5 лістапада 2008 году, калі прайшоў першы рэгіянальны сход у Магілеве (http://www.mbelarus.org/one_news.php?Id=1), але па розных чыньніках правядзеньне яго неаднаразова адкладвалася.
Улічваючы пляны актывістаў “Маладой Беларусі” прыняць удзел у мясцовых выбарах у якасьці кандыдатаў, было вырашана неадкладна правесьці устаноўчы сход, і цягам бліжэйшага тыдня падаць дакуманты на рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня “РУХ “Маладая Беларусь” у Міністэрства юстыцыі.
У сходзе прынялі ўдзел актывісты “Маладой Беларусі” з г.Менску, Менскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Віцебскай вабласьцей Беларусі, агульнай колькасьцю 53 асобы.
На сходзе былі абмяркаваныя пляны “Маладой Беларусі” адносна ўдзелу ў выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі, а таксама прайшлі выбары Старшыні Руху “Маладая Беларусь”, кіраўнікоў вабласных і гарадзскіх арганізацый “Маладой Беларусі”, а таксама кантрольна-рэвізійнай камісіі.
На пасаду старшыні Руху “Маладая Беларусь” было высунута дзве кандыдатуры. Валеры Саковіч прапанаваў кандыдатуру Зьміцера Касьпяровіча, а Цімафей Дранчук высунуў Артура Фінькевіча. Шляхам адкрытага галасаваньня за Зьміцера Касьпяровіча прагаласавала 40 прысутных, за Артура Фінькевіча 10, і тры асобы ўстрымалася.
Былі абраныя кіраўнікі рэгіянальных арганізацый “Маладой Беларусі”, а таксама кіраўнік “Маладой Беларусі” па Менску. Ім стаў Валеры Саковіч, адзін з заснавальнікаў Руху “Маладая Беларусь”.
Па прапанове Валерыя Саковіча, старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі “Маладой Беларусі”, Артур Фінькевіч быў абраны старшынём суполкі “Маладой Беларусі” па Заводзкім раёне г.Менску, дзе ён плянуе высоўвацца кандыдатам на мясцовых выбарах.
Напрыканцы сходу актывістамі “Маладой Беларусі” адзінагалосна была прынятае рашэньне прымаць удзел у мясцовых выбарах і высунуць шэраг сваіх кандыдатаў у дэпутаты, а таксама рыхтавацца да прэзыдэнцкай кампаніі.
Новаабраны старшыня Руху “Маладая Беларусь” Зьміцер Касьпяровіч у інтэрвію прэсавай службе “Маладой Беларусі” заявіў: “Я ўдзячны актывістам “Маладой Беларусі”, якія падтрымалі маю кандыдатуру на выбарах Старшыні. Неабходнасьць рэгістрацыі ў Міністэрстве Юстыцыі была выкліканая перш за ўсё падрыхтоўкай да кампаніі мясцовых выбараў. Улічваючы рэпрэсіі супраць незарэгістраваных арганізацый, маю на ўвазе крымінальныя справы супраць актывістаў “Партнэрства”, “Маладога Фронту”, мы вырашылі хаця б дэкляраваць намер зарэгістравацца. Цягам тыдня мы пададзім дакуманты ў Міністэрства Юстыцыі, і паглядзім, наколькі прагрэсуе ў Беларусі так званая “лібэралізацыя”.
Паралельна мы рыхтуемся да мясцовых выбараў. Шэраг актывістаў “Маладой Беларусі” плянуюць высунуць свае кандыдатуры на мясцовыя выбары, і я таксама пляную прыняць удзел. У маёй акрузе, дзе я жыву, ёсьць шмат актуальных праблемаў, якія мусіць вырашаць мясцовы дэпутат. Так што ў мяне ёсьць злабадзённая праграма, якую я прапаную выбаршчыкам. Што тычыцца прэзыдэнцкіх выбараў, я лічу неабходным аб’яднацца ўсім моладзевым арганізацыям, забыцца на амбіцыі і разам ісьці да перамогі адзінага дэмакратычнага кандыдата ў Прэзідэнты!”
28.11.2009 |